вторник, 12 марта 2024 г.



Птушкі побач з намі паўсюль на працягу ўсяго года, але менавіта вясною птушыная сімволіка мае асаблівае значэнне. Мы з радасцю сустракаем крылатых з выраю, верым, што з першай песняй, з першай галінкай для новага гнязда вясна абявязкова прыйдзе!
22 сакавіка святкуюць прысвятак Саракі — Дзень сарака пакутнікаў Севасцейскіх, якія пакутвалі ў Севасційскім возеры. Драматычная гісторыя распавядае пра воінаў, якія адмовіліся прынесці ахвяру ідалам пад час праўлення імператара Лікінія. За непаслушэнства іх пад аховай пакінулі на ноч на лёдзе Севасційскага возера, якое знаходзіцца ў Арменіі. Пакутуючых ад холада людзей спакушалі тым, што на беразе была растоплена лазня. Адзін з сарака воінаў не вытрымаў, пабег да лазні, але памёр на парозе. Тады адзін з вартаўнікоў, уражаны мужнасцю і верай астатніх пакутнікаў, далучыўся да іх.



На Саракі ўсяго па сорак: гульняў, варожбаў, прыкметаў

Каму калісьці прыйшло ў галаву спалучыць дзень памяці сарака пакутнікаў з прылётам птушак, цяпер не дазнацца. Народ жа як заўсёды ўдала спалучыў у сваёй свядомасці святкаванне веснавага раўнадзенства з падзеямі хрысціянскай гісторыі.Жаўрук чымсьці падобны да гэтых герояў. Па народных уяўленнях, душы людзей-пакутнікаў пераўтварыліся ў жаўрукоў. Самі ж воіны сталі апекунамі земляробства. Маленькая квёлая птушка прылятае з выраю ў наш край, калі яшчэ вельмі холадна. Часам на палетках ляжыць снег. Але цэлы дзень яна спявае песню сонейку, а ў начным змроку мерзне на скаванай марозам чорнай зямлі. Пакутніца!
З цягам часу нават абрадавае печыва ў выглядзе птушак пачалі называць "мучанікамі".
Уяўленне аб тым, што на Саракі прылятае сорак "птушак-пакутнікаў", пасля чаго надыходзіць вясна, распаўсюджана амаль па ўсёй Беларусі і асабліва на яе поўначы. У Полацкім раёне старыя людзі сцвярджаюць: "Кажуць: сорак птушак прыляціць — сорак мучанікаў".
Свята практычна прыпадае на веснавае раўнадзенства, калі дзень і ноч бываюць роўныя па часе. У народзе пра тое так і казалі: "На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца".

пятница, 20 января 2023 г.

Упершыню ў Беларусі аб'явілі адразу трох птушак 2023, 2024 і 2025 года


У 2023 годзе ўпершыню птушкай года стане прадстаўнік галубоў - звычайная галубка.
- Усяго ў Беларусі пяць відаў галубоў. У звычайнай галубкі на баках шыі круглявая пляма, утвораная чатырма шэрагамі чорных пёраў. Да 1999 года ў нас на яе нават дазвалялася паляванне, але цяпер яна стала вельмі рэдкай. Хоць на поўдні шанцы сустрэць невялікія зграйкі гэтых галубоў на правадах большыя, - адзначылі ў арганізацыі. Цяпер невядомая дакладная колькасць галубкі ў Беларусі, аднак, паводле інфармацыі АПБ, яна з'яўляецца кандыдатам у нацыянальную Чырвоную кнігу.
 
Птушкай 2024 года стала шэрая варона, у якой ёсць свая каманда падтрымкі. Менавіта дзякуючы сваім прыхільнікам гэтая птушка выйграла званне. Перавагай свайго кандыдата яны называюць тое, што шэрая варона жыве ў непасрэднай блізкасці ад чалавечага жылля і за ёй дастаткова лёгка і вельмі цікава назіраць.
 
Вялікі вераценнік стане сімвалам 2025 года. Гэты чырванакніжны выгляд птушыных звычайна насяляе ў поймавых заліўных лугах, верхавых і пераходных балотах, сельгасугоддзях і ў закінутых торфараспрацоўках. Максімальная колькасць гэтых птушак - 20 тысяч асобін - была зарэгістравана ў наваколлях Турава ў 2014 годзе.






четверг, 10 февраля 2022 г.

Птушкай 2022 года ў Беларусі абрана белая сініца-невялікая птушка, якая ў нашай краіне жыве толькі на Палессі

Белая сініца, яна ж «лазоревка белая» ці князёк, перамагла бліжэйшых канкурэнтак — драпежную скопу і галубку звычайную — у онлайн-галасаванні на званне птушкі-2022 у Беларусі. Дарэчы, у гэтым онлайн-апытанні мог прыняць удзел кожны жадаючы.

1. Белая сініца (белая блакітніца або князек) - адзін з сямі
відаў сініц Беларусі, самы рэдкі з іх.
2.Від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з першага яе выдання, а
таксама ў Чырвоную кнігу Расіі. У апошні раз колькасць князька на
беларускай тэрыторыі ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500-800 пар.
3.Белая сініца драбней вераб'ёў: птушачка важыць да 16 г, размах
крылаў да 21 см.
4. Птушка адкладае да 11 яек. Два тыдні птушкі выседжваюць
іх і столькі ж выкормліваюць птушанят.
6. У Беларусі і Украіне гняздуецца толькі на Палессі і не
пакідае яго нават зімой, у асноўным насяляе вакол Прыпяці і яе
прытокаў. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю.
Асноўны ж арэал расцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.
7. Для гнездавання птушцы патрэбны дубы, чорная алешына і старыя
вербы, якія ўвесну падпальваюцца падчас паводак. Таму
птушкі жывуць каля Прыпяці і больш нідзе на захад, поўнач ці поўдзень.
8. Гняздо робіць, як і іншыя сініцы, у дупле, часам - у
расколінах дамоў у вёсках. Часта будуе нізкія гнёзды, часам
усяго паўметра ад зямлі.
9. Пры ўтварэнні пары самец выконвае адмысловы рытуал -
корміць самку. Асабліва лёгка гэта заўважыць у красавіку ў пачатку сезона
гнездавання - каб прыцягнуць увагу, самец вельмі актыўна спявае.
10. Узімку белую сініцу можна ўбачыць у густых зарасніках
хмызняку ў поймах рэк. Птушка шукае схаваныя там лічынкі
насякомых. Зімой можа есці насенне.

пятница, 8 января 2021 г.

 Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) абвясціла птушку 2021 года: на змену глушцу ляціць ляляк.



Звычайны ляляк (рус. Козодой обыкновенный) – адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у Беларусі. А ўсяго ў свеце — каля 120 відаў з гэтага атраду. Руская назва, як і ў многіх іншых еўрапейскі мовах, — калька з лаціны. Яно паказвае на сувязь гэтага віду з пашамі і свойскай жывёлай, вакол якой птушкі лавілі насякомых.

Пакуль ляляку не пагражае знікненне, але ў нас ёсць толькі ацэнка колькасці ў Беларусі 1997 года: 35 000 — 50 000 пар на гнездаванні. Нярэдкія выпадкі гібелі ад аўтамабіляў, бо лелякі чамусьці любяць адпачываць на лясных дарогах. Гэтай праблемай мы хацелі б заняцца ў наступным годзе ў першую чаргу. Акрамя таго, як і ўсе птушкі, якія гняздуюцца на зямлі, лелякі пакутуюць ад знішчэння гнёздаў наземнымі драпежнікамі.
Ляляк памерам з голуба, з даўжэйшымі крыламі і хвастом. Даўжыня цела да 29 см, размах крылаў да 64 см. Вага не перавышае 100 г.
Убачыць леляка ў дзікай прыродзе — вялікая ўдача, і не толькі таму, што ён актыўны толькі ў прыцемках і ноччу. Гэтая птушка — майстар маскіроўкі, яго апярэнне практычна зліваецца з колерам лясной падсцілкі ці кары дрэва. Прыжмурыўшы свае вялікія вочы, птушка становіцца днём незаўважнай як для чалавека, так і для птушак-драпежнікаў. Кароткія пальцы не прыстасаваныя для абхоплівання галін, і ляляк, напэўна, адзіны від у нас, які сядае ўздоўж галіны!

Ляляк мае ўнікальную дзюбу. Закрытай яна выглядае вельмі маленькаю. Але варта птушцы адкрыць яе, як мы ўбачым незвычайна шырокі рот. Разам з раснічастым пер'ем па краях дзюбы, гэта не толькі выдатнае прыстасаванне для лоўлі на ляту жукоў і начных матылькоў, але сродак запалохвання ворагаў.
       Ляляк не турбуе сябе будаўніцтвам гнязда. Кладку з двух яек самка робіць адразу на лясной падсцілцы, часцей за ўсё ў сасновым лесе. Пра прысутнасць леляка можна даведацца па яго працяглай манатоннай трэлі, якая нагадвае тарахценне матацыкла.
     На зімоўку ў верасні нашыя лелякі адлятаюць у Паўднёвую Афрыку, а вяртаюцца толькі ў канцы красавіка.

 


вторник, 7 января 2020 г.

Глушэц абраны птушкай 2020 года!


    Глушэц — гняздуючы аселы від з атраду курападобныя. Распаўсюджаны вельмі нераўнамерна па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але часцей сустракаецца ў паўночных раёнах і на ўсходзе. Старыя ацэнкі колькасці 8000 — 9000 асобін. Гэта таёжны, паўночны від і ў сувязі са зменай клімату ён паступова паўсюль па Беларусі знікае. Асабліва катастрафічнае становішча цяпер на захадзе і поўдні краіны – у Белавежскай пушчы сто гадоў назад жылі сотні глушцоў, а цяпер ён тут амаль знік.

    У Беларусі жывуць два падвіды глушца: заходнееўрапейскі і сярэднярускі. У песні заходнееўрапейскага падвіду ёсць характэрны элемент «корак» (“пробка”), таксама чорнае бруха амаль не мае белых плям, і ён больш буйны, чым усходняя раса. На жаль, колькасць заходнееўрапейскага падвіду нізкая: не перавышае 500 асобін.




 

пятница, 11 января 2019 г.

 Птушкай 2019 года ў Беларусі стаў вялікі арлец



Вялікі арлец - адна з самых рэдкіх драпежных птушак Еўропы. Знаходзіцца пад пагрозай знікнення. У лясах Сінявокай насяляюць 120-150 пар птушак гэтага віду - больш, чым ва ўсім Еўрасаюзе.

На дадзены момант вялікія падворлікі адправіліся на зімоўку на поўдзень. За іх міграцыяй і перамяшчэннем ў Грэцыі і Афрыцы спецыялісты АПБ (а таксама ўсе жадаючыя) змогуць сачыць на карце: на 8 падворліка прымацаваныя спецыяльныя перадатчыкі.

Каб захаваць папуляцыю вялікага арляца ў Беларусі, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ужо некалькі гадоў праводзіць акцыю «Выратуй арляня!». Так, арганізоўваюцца экспедыцыі па пошуку гнёздаў гэтых птушак, каб выяўленыя ўчасткі пасля ўзяць пад ахову. На кантролі і ўжо вядомыя гнёзды - з мэтай прадухілення шкоды, які нядбайныя грамадзяне могуць нанесці рэдкай птушцы.

воскресенье, 18 марта 2018 г.



«Ахова птушак Бацькаўшчыны» выбрала птушку 2018 года
(лат. Carduelis carduelis).




Ёй стаў чорнагаловы шчыгол.
Птушка яркая, прыкметная. Нездарма англічане празвалі яе Gоldfіnсh — залаты ўюрок. Упадабаныя месцы гнездавання шчыгла — гарадскія зялёныя насаджэнні, сады, лясныя ўзлескі. У красавіку птушкі разбіваюцца на пары. Песня — звонкія, нягучныя і лёгка запамінальныя трэлі. Птушанят шчыглы выкормліваюць насякомымі. Асабліва любіць гэты від лісцевую тлю на маладых парастках.

З гэтай прыгожай птушкай прасцей за ўсё пазнаёміцца восенню ці зімой. Пусткі па ўскраінах гарадоў з зараснікамі чартапалоху — любімыя месцы шчыглоў. Іх улюбёны корм у гэты час — насенне пустазелля (дзядоўніку, чартапалоху, лопуху, асоту, васілька, цыкорыю і многіх іншых). Зграйка шчыглоў, якая корміцца на кусце чартапалоху, — гэта вельмі прыгожа!
Чалавек незнарок стварае гэтаму віду праблемы, на якія АПБ хоча звярнуць увагу ўсіх беларусаў.
— Шчыглы выбіраюць для гнездавання зялёныя насаджэнні населеных пунктаў, у тым ліку прыдарожныя палосы, паркі, скверы. Але ў апошнія гады ўсё больш востра стаіць праблема моцнай і часта неабгрунтаванай абрэзкі многіх дрэў, калі ад дрэва застаецца адзін ствол-слупок. Яшчэ вялікая праблема — поўная выразка дрэў і кустоў, зялёных зон для гарадской забудовы, для пракладкі камунікацый і па іншых прычынах. З-за гэтага прыдатныя месцы для гнездавання шчыглоў, ды і іншых відаў птушак, скарачаюцца. Акрамя таго, шчыглы сілкуюцца насеннем пустазелля, асабліва ў зімовы час. Выкошванне пустак пакідае іх галоднымі зімой.
Застаецца і праблема катоў: гэтыя драпежнікі палююць і забіваюць многіх птушак, у тым ліку і шчыглоў. Мы будзем працягваць акцыю з заклікам вешаць на катоў, калі яны гуляюць на вуліцы, званочкі, — расказвае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы.
Якім будзе год шчыгла? Птушка 2018 года «загняздуецца» на фасадзе дома ў г. Карма на Гомельшчыне, і нездарма: у 2017 годзе шчыгол стаў афіцыйным сімвалам-птушкай Кармянскага раёна. А для моднікаў АПБ запускае ўнікальную «птушыную» серыю світараў сумесна з «LSTR-адзеннем» — менавіта шчыгол стане «першай ластаўкай».
Сумесна з Нацыянальным банкам і Белпоштай плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года. У гарадах і райцэнтрах пройдуць экскурсіі «У пошуках птушкі года», а на тэрыторыях, якія аблюбавалі гэтыя птушкі, з'явяцца папераджальныя таблічкі «Тут спявае шчыгол — птушка года!». Дарэчы, спампаваць макет шыльды і паставіць у патрэбным месцы зможа кожны на сайце АПБ. Там жа вы знойдзеце прэзентацыю пра жыццё птушкі 2018 года, дзе можна паслухаць яе голас. У планах шмат акцый — сачыце і далучайцеся.