воскресенье, 31 марта 2024 г.



1 красавіка – Міжнародны дзень птушак

Першы ў свеце дакумент аб абароне птушак быў падпісаны ў 1902 годзе – “Міжнародная канвенцыя па ахове птушак, карысных у сельскай гаспадарцы”, у 1950 годзе яе абнавілі.
У Беларусі зарэгістравана 332 віды птушак, гняздуецца 238 відаў, большасць з іх з’яўляюцца пералётнымі (мігруючымі). У Чырвоную кнігу нашай краіны ўключана 70 відаў птушак.

пятница, 29 марта 2024 г.

 

Яўген Хвалей

Свята птушак


— На благавешчанне

бусла пагладзіць,

з-пад неба клікнуць

да сябе гусей...

На свята гэтае ніхто

гнязда не ладзіць,—

прамовіць каля веснічак

сусед.

 

Святкуюць птушкі...

Добрая нагода...

Сягоння пазайздросціш

вераб’ю:

шпак запрасіў адранку

яго ў госці —

бярозавік па кроплях

разам п’юць...

вторник, 12 марта 2024 г.



Птушкі побач з намі паўсюль на працягу ўсяго года, але менавіта вясною птушыная сімволіка мае асаблівае значэнне. Мы з радасцю сустракаем крылатых з выраю, верым, што з першай песняй, з першай галінкай для новага гнязда вясна абявязкова прыйдзе!
22 сакавіка святкуюць прысвятак Саракі — Дзень сарака пакутнікаў Севасцейскіх, якія пакутвалі ў Севасційскім возеры. Драматычная гісторыя распавядае пра воінаў, якія адмовіліся прынесці ахвяру ідалам пад час праўлення імператара Лікінія. За непаслушэнства іх пад аховай пакінулі на ноч на лёдзе Севасційскага возера, якое знаходзіцца ў Арменіі. Пакутуючых ад холада людзей спакушалі тым, што на беразе была растоплена лазня. Адзін з сарака воінаў не вытрымаў, пабег да лазні, але памёр на парозе. Тады адзін з вартаўнікоў, уражаны мужнасцю і верай астатніх пакутнікаў, далучыўся да іх.



На Саракі ўсяго па сорак: гульняў, варожбаў, прыкметаў

Каму калісьці прыйшло ў галаву спалучыць дзень памяці сарака пакутнікаў з прылётам птушак, цяпер не дазнацца. Народ жа як заўсёды ўдала спалучыў у сваёй свядомасці святкаванне веснавага раўнадзенства з падзеямі хрысціянскай гісторыі.Жаўрук чымсьці падобны да гэтых герояў. Па народных уяўленнях, душы людзей-пакутнікаў пераўтварыліся ў жаўрукоў. Самі ж воіны сталі апекунамі земляробства. Маленькая квёлая птушка прылятае з выраю ў наш край, калі яшчэ вельмі холадна. Часам на палетках ляжыць снег. Але цэлы дзень яна спявае песню сонейку, а ў начным змроку мерзне на скаванай марозам чорнай зямлі. Пакутніца!
З цягам часу нават абрадавае печыва ў выглядзе птушак пачалі называць "мучанікамі".
Уяўленне аб тым, што на Саракі прылятае сорак "птушак-пакутнікаў", пасля чаго надыходзіць вясна, распаўсюджана амаль па ўсёй Беларусі і асабліва на яе поўначы. У Полацкім раёне старыя людзі сцвярджаюць: "Кажуць: сорак птушак прыляціць — сорак мучанікаў".
Свята практычна прыпадае на веснавае раўнадзенства, калі дзень і ноч бываюць роўныя па часе. У народзе пра тое так і казалі: "На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца".